У Мсціслаўскім раёне, на тэрыторыі каля вёскі Ходасы, ужо некалькі месяцаў ідуць маштабныя земляныя работы. Яны адбываюцца на адной з трох пляцовак, якія разглядаюцца для размяшчэння пункта захавання радыеактыўных адходаў (ПЗРА).
Чытайце таксама: Вырасла імавернасць будаўніцтва сховішча ядзерных адходаў на ўсходзе Беларусі: чаму Астравец губляе прыярытэт?
На гэта звярнула ўвагу рэдакцыя незалежнага медыя «Флагшток», якая прааналізавала спадарожнікавыя здымкі Sentinel за апошні год.
Работы пачаліся яшчэ ў 2025 годзе
Паводле аналізу здымкаў, першыя прыкметныя змены на тэрыторыі каля Ходасаў з’явіліся яшчэ ў верасні 2025 года. А найбольш актыўнымі работы сталі ў пачатку лета 2026-га. На апошніх даступных спадарожнікавых здымках бачна, што яны працягваюцца.
На тэрыторыі, паводле «Флагштока», расчысцілі расліннасць, засыпалі частку балкі ручая і істотна змянілі рэльеф. Плошча ўчастка складае каля 3,4 квадратнага кіламетра. Не выключана, што там таксама знялі верхні слой глебы.

Асобныя работы прыкметныя і ў раёнах, дзе сустракаюцца суфазійныя правалы — характэрныя для гэтай мясцовасці паніжэнні рэльефу.
Маштаб пераўтварэнняў дазволіў журналістам выказаць здагадку, што тэрыторыю могуць рыхтаваць пад будучы пункт захавання радыеактыўных адходаў. Аднак пакуль гэта толькі версія. Афіцыйных паведамленняў пра пачатак будаўніцтва ПЗРА менавіта ў Мсціслаўскім раёне няма.
Больш за тое, фармальна канчатковае месца для такога аб’екта яшчэ не вызначана.
Канчатковую пляцоўку павінны выбраць толькі ў канцы 2026 года
Акрамя Мсціслаўскага раёна, спецыялісты разглядаюць яшчэ дзве тэрыторыі — у Астравецкім і Хойніцкім раёнах.
Паводле даступнай інфармацыі, канчатковае рашэнне павінна быць прынята пасля неабходных даследаванняў, ацэнкі бяспекі, экалагічнай экспертызы і грамадскіх абмеркаванняў. Выбар пляцоўкі чакаецца ў канцы 2026 года.
Пры гэтым менавіта ў Мсціслаўскім раёне змены на спадарожнікавых здымках выглядаюць найбольш маштабнымі. На дзвюх іншых магчымых пляцоўках таксама фіксуюцца высечкі і лакальныя земляныя работы, але па здымках іх характар не выглядае незвычайным і можа быць звязаны са звычайнай лесанарыхтоўкай.

Журналісты таксама звярнуліся ў сельсавет у Ходасах, каб высветліць, што адбываецца на тэрыторыі і што там плануюць будаваць. Аднак на пытанне адказу не атрымалі — размову проста спынілі.
«Большасць жыхароў Магілёўшчыны не супраць»
Тэма будучага сховішча ўжо не першы год выклікае пытанні ў жыхароў рэгіёну.
Арганізацыя БелРАА, якая займаецца распрацоўкай праекта, раней заяўляла, што большасць жыхароў Магілёўшчыны нібыта не выступае супраць размяшчэння ПЗРА ў вобласці. Пры гэтым канчатковага рашэння пра месца размяшчэння аб’екта пакуль няма.
Першапачаткова разглядаліся розныя тэрыторыі, у тым ліку каля Беларускай АЭС у Гродзенскай вобласці і паблізу Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка.
Экспертка: поўнай ізаляцыі ядзерных адходаў пакуль не існуе
Асобная праблема — тое, што менавіта будзе захоўвацца ў такім аб’екце і наколькі доўга гэтыя матэрыялы застануцца небяспечнымі.
Эколаг Таццяна Новікава, якая раней давала каментар BGmedia, звяртае ўвагу на тое, што ў свеце дагэтуль няма тэхналогіі, якая магла б гарантаваць поўную і канчатковую ізаляцыю такіх матэрыялаў.

Існуючыя рашэнні прадугледжваюць захоўванне радыеактыўных адходаў у спецыяльных кантэйнерах і пастаянны кантроль за іх станам. Аднак праз некалькі дзесяцігоддзяў кантэйнеры могуць патрабаваць замены або перапакоўкі. Гэта азначае, што неабходнасць кантролю і адказнасць за небяспечныя матэрыялы захоўваюцца на вельмі працяглы час.
Перапрацоўка адпрацаванага ядзернага паліва таксама не азначае поўнага знікнення небяспекі. У выніку змяняецца форма і склад адходаў, але праблема іх доўгатэрміновага захоўвання застаецца.
Пытанне выклікае і сам працэс выбару пляцоўкі. Праект, разлічаны на надзвычай працяглы перыяд захоўвання, патрабуе максімальнай празрыстасці і падрабязнага абгрунтавання бяспекі.
Пакуль на тэрыторыі каля Ходасаў ужо адбываюцца прыкметныя змены, а афіцыйна канчатковая пляцоўка для пункта захавання радыеактыўных адходаў яшчэ не вызначана.
Чытайце таксама: «Няма тэхналогіі, якая на 100% ізалюе адходы»: што стаіць за сховішчам ядзерных адходаў у Беларусі
Будь на связи и в безопасности: подключи BGlobal VPN
Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!
Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро


Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: